З 2009 года беларускі рубель будзе прывязаны да кошыка валют
З наступнага года Нацыянальны банк мае намер ажыццяўляць прывязку курсу беларускага рубля да кошыка замежных валют (долара ЗША, еўра і расійскага рубля). Пры гэтым прагнознае значэнне курсу на 2009 год запланавана ў межах 2.000—2.200 рублёў, паведаміў старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч 15 жніўня ў ходзе даклада ўрада прэзідэнту аб выніках працы эканомікі за першае паўгоддзе 2008 года і аб праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2009 год.
Стаўка рэфінансавання будзе ўстаноўлена на ўзроўні 10—12% гадавых, стаўкі па крэдытах складуць 13—15% гадавых, па дэпазітах — 10—12% гадавых, зазначана ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.
Знаёмячы з праектам прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2009 год, міністр эканомікі Мікалай Зайчанка зазначыў, што тэмп росту ВУП складзе 110—112%, інвестыцый у асноўны капітал — 123—125%, рэальных грашовых даходаў насельніцтва — 114—115%. Інфляцыя чакаецца на ўзроўні не больш як 9—11%.
У 2009 годзе будзе прадоўжана практыка дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў, але яна "будзе ажыццяўляцца не ў прамой форме, а, напрыклад, у выглядзе льгатавання ставак па банкаўскіх крэдытах".
Міністр фінансаў Андрэй Харкавец зазначыў, што зніжэнне падатковай нагрузкі на эканоміку ў 2009 годзе складзе 1,2 працэнтныя пункты да ВУП. У выніку ў распараджэнні прадпрыемстваў застанецца 2 трлн. рублёў. Усяго за час рэфармавання падатковай сістэмы будзе адменена 20 падатковых плацяжоў. Застанецца 27 падаткаў, шэсць з якіх — асноўныя.
З 2009 года плануецца перайсці на шкалу спанання падаходнага падатку, устанавіўшы па ім адзіную стаўку на ўзроўні 12%. Пры гэтым для недапушчэння росту падатковай нагрузкі на насельніцтва "будуць павялічаны стандартныя падатковыя вылікі асобным катэгорыям грамадзян".
У цэлым даходы кансалідаванага бюджэту 2009 года прагназуюцца ў аб'ёме 72,7 трлн. рублёў, расходы — 75,5 трлн.
За кошт бюджэту будзе ажыццяўляцца стрымліванне росту тарыфаў на электраэнергію для насельніцтва, а таксама праводзіцца субсідаванне расходаў па аплаце паслуг ЖКГ. У выніку насельніцтва будзе аплачваць 32% фактычных затрат (у 2007 і 2008 гадах гэты паказчык — 36% і 34% адпаведна).
У бюджэце 2009 года на развіццё аграпрамысловага комплексу прадугледжваецца накіраваць 4,4 трлн. рублёў, на рэалізацыю 61 дзяржпраграмы — 10,6 трлн.
Крыніца: БелаПан